У бібліятэку за беларускамоўнымі казкамі ( фотаальбом)
Чытаем казкі на беларускай мове
Вожык і заяц
У адзін ясны сонечны дзень стаяў вожык каля дзвярэй свайго дому, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку. Спяваў ён сваю песеньку, спяваў і раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зірну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я паспею і ў поле схадзіць і вярнуцца дадому». Пайшоў вожык і сустрэўся з зайцам, які таксама ішоў у поле на сваю капусту паглядзець.
- Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся?
А заяц быў вельмі важны і горды. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі кіўнуў галавою ды сказаў груба:
- Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш?
- Я на шпацыр выйшаў, - кажа вожык.
- На шпацыр? - запытаўся заяц насмешліва. - А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка не зойдзеш.
Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы. Не любіў ён, калі гаварылі пра ягоныя ногі, якія сапраўды былі кароткія ды крывыя.
- Ці не думаеш ты, - запытаўся ён у зайца, - што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш?
- Вядома, - адказаў заяц.
- А ці не хочаш ты са мною навыперадкі пабегчы? - пытаецца вожык.
- З табою навыперадкі? - кажа заяц. - Не смяшы ты мяне, калі ласка. Няўжо ж ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?
- А вось пабачым, - адказвае вожык. - Убачыш, што абганю.
- Ну, давай пабяжым, - кажа заяц.
- Пачакай, - адказвае вожык, - спачатку я схаджу дадому паснедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае месца. Тады і пабяжым. Добра?
- Добра, - сказаў заяц.
Пайшоў вожык дадому. Ідзе і думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру».
Прышоў вожык дадому і кажа жонцы:
- Жонка, апранайся хутчэй, прыдзецца табе са мною ў поле ісці.
- А што здарылася? - пытаецца вожычыха.
- Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае - я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.
- Што ты - звар'яцеў? - здзівілася вожычыха. – Ён жа цябе адразу перагоніць.
- Не твая справа, жонка, - сказаў вожык. - Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю.
Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле.
Па дарозе вожык кажа жонцы:
- Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па адной баразне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькі падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!». Зразумела?
- Зразумела, - адказвае жонка.
Так яны і зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.
- Ну, што ж - кажа заяц, - пабяжым?
- Пабяжым, - адказвае вожык.
Сталі яны кожны ў пачатку свае баразны.
- Раз, два, тры! - крыкнуў заяц.
І абодва яны пабеглі з усіх ног.
Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму і крычыць:
- Я ўжо тут!
А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да другога. Здзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў.
- Пабяжым цяпер назад, - кажа ён вожыку. - Раз, два, тры!
І пусціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы.
Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць:
- Я ўжо тут!
Яшчэ больш здзівіўся заяц.
- Пабяжым яшчэ раз, - кажа ён вожыку.
- Добра, - адказвае вожык. - Калі хочаш, пабяжым яшчэ раз.
Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды і назад.
А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут».
На семдзесят чацверты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю.
- Умарыўся, - кажа, - не магу больш бегаць.
- Вось бачыш цяпер, у каго ногі лепшыя?
Нічога не адказаў заяц і пайшоў з поля - ледзь ногі пацягнуў.
А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пашлі імі на шпацыр.
Курачка-рабка
Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.
Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.
Ідзе воўк:
- Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?
- Як жа нам не плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.
І воўк завыў.
Ідзе мядзведзь:
- Воўк, чаго выеш?
- Як жа мне не выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць... А я брахаць не ўмею, дык і завыў.
Выслухаў мядзведзь казку і адарваў сабе хвост.
Так з таго часу і жыве з куртатым хвастом.